ФЛЕКСАГРА́ФСКІ ДРУК, флексаграфія (ад лац. flexus выгнуты + ...графія),

спосаб ратацыйнага высокага друку, які ажыццяўляецца з выкарыстаннем эластычных гумавых або фотапалімерных друкарскіх форм і сінт. фарбаў.

Вызначаецца вял. тыражаўстойлівасцю форм, хуткасцю друкавання, эканамічнасцю, але горшай якасцю адбіткаў у параўнанні са звычайным высокім друкам. Выкарыстоўваецца пры вырабе этыкетак. упаковачнай прадукцыі з паперы, фольгі, палімерных плёнак, у газетнай вытв-сці. Раней Ф.д. наз. анілінавым друкам (з-за анілінавых фарбаў, якія выкарыстоўваліся пры друкаванні з гумавых форм).

Схема друкарскай машыны флексаграфскага друку: 1 — фарба; 2, 3 — перадатачны і накатны фарбавыя валікі; 4 — формны цыліндр з гумавай формай; 5 — друкарскі цыліндр; 6 — папера.

т. 16, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)